Replaced — дэбютны праект Sad Cat Studio, чые карані паходзяць з Беларусі. Таму я і вырашыў напісаць гэтую невялікую рэцэнзію на роднай мове (прабачайце, браты-славяне).
Дзеянне гульні разгортваецца ў альтэрнатыўнай Амерыцы 80-х, якая сур’ёзна пацярпела пасля няўдалых выпрабаванняў ядзернай бомбы ў сярэдзіне 40-х. Пасля гэтага краіну накрыла хваля крызісаў і масавая прамянёвая хвароба, што паразіла значную частку насельніцтва. На гэтым папялішчы паўстала карпарацыя з гучнай назвай «Фенікс», якая заснавала горад «Фенікс-Сіці» — фактычна галоўны цэнтр адроджанай Амерыкі. У аснове дзейнасці карпарацыі ляжыць тэхналогія штучнага інтэлекту, прызначаная для вызначэння ў грамадстве пар людзей — ідэальных донараў органаў адзін для аднаго. Мэта была высакародная — мінімізаваць шкоду ад прамянёвай хваробы, але атрымалася, як заўсёды: усё найлепшае дасталася ўладным. Так грамадства і падзялілася велізарнымі сценамі Фенікс-Сіці на два лагеры: годныя — унутры сцен, і нягодныя, або як іх тут называюць, бракоўныя — людзі, у якіх вынялі частку органаў і выкінулі дажываць за сценай.
На чале стварэння ІІ (яго называюць R.E.A.C.H.) стаіць вучоны Уорэн Марш. Уласна, гісторыя і пачынаецца з яго звычайных працоўных будняў, звязаных з ІІ. Але яму не пашанцавала: адбыўся інцыдэнт, пасля якога ІІ паспяхова апынуўся ў яго галаве (прывітанне, Cyberpunk 2077) і завалодаў целам. Так званы Рыч спрабуе растлумачыць ахове, што здарылася, але вымушаны бегчы і апынаецца па той бок сцяны. Наш ІІ настроены даволі рашуча: ён хоча разабрацца ў тым, што адбылося, і вярнуць Уорэну кантроль над целам, таму пачынае свой шлях назад у горад. Гэтыя падзеі і становяцца адпраўной кропкай сюжэта.
Гісторыя хоць і не наватарская, выкарыстоўвае базавыя прыёмы жанру, але зроблена якасна і з павагай да крыніц натхнення (я асабіста ўлоўліваў адсылкі і да Бегучага па лязе, і да Cyberpunk 2077, і да Metal Gear Solid, і нават да Resident Evil). Свет раскрываецца праз запіскі, прадметы і асяроддзе — і мне не надакучыла ўсё гэта чытаць і разглядаць. Сюжэт дынамічны, не расцягнуты і заканчваецца роўна тады і так, як трэба.
Геймплэй складаецца з 2.5D платформера і баёўкі, якая акуратна перакачавала сюды з Batman Arkham. Пайшлі па парадку.
Платформер: зроблены добра. Нас чакае класічнае хапанне за выступы, перасоўванне аб’ектаў, каб забрацца вышэй, слізганне па сценах, пераскокванне праз прорвы. Многія адзначылі, што частка інтэрактыўных выступаў пафарбавана ў жоўты, а частка — ніяк не вылучана, з-за чаго бываюць падзенні ўніз. Я разумею, пра што гаворка, але то я гуляў ужо ў прапачаную версію, то проста ўважліва разглядаў асяроддзе — у мяне праблем з чытальнасцю выступаў не было. Але было іншае: часам персанаж даволі грубавата рэагаваў на ўсе гэтыя зачэпы, і я проста не мог дацягнуцца да чарговага выступу.
Асобна адзначу левелдызайн платформінг-секцый — ён цудоўны. Я б рукі пацалаваў таму, хто прыдумваў усе гэтыя маршруты. Пры адносна невялікай разнастайнасці элементаў платформера ўзроўні сабраны проста выдатна.
Баёўка: на мой погляд, таксама добрая і месцамі дае прыемны выклік. У аснове — класічны ўдар, ухіл, парырванне і атака, ад якой трэба абавязкова ўхіляцца. Іншыя асаблівасці раскрываць не буду — спойлеры, але іх яшчэ прыкладна столькі ж. Ёсць некалькі тыпаў ворагаў: звычайныя байцы, стралкі, скрытныя, якія любяць заходзіць ззаду, танкі і некалькі ўнікальных босаў.
Улічваючы, што гульня праходзіць за 10–12 гадзін, разнастайнасці больш чым дастаткова. Паспяваеш вывучыць патэрны, зразумець, каго зваліць першым, і проста атрымліваць асалоду ад баёўкі. Я гуляў у прапачаную версію, таму крытычных багоў не заўважыў. Хіба што бліжэй да фіналу стрэлы стралкоў часам пераставалі парырвацца.
Пакуль не сышлі далёка — пару слоў пра сістэму чэкпойнтаў, якую многія лаяць. Патчамі часткова ўсё ўжо паправілі. Але, шчыра, я не падзяляю ўсеагульнага абурэння. Так, часам даводзіцца перапраходзіць арэны, так, бывае, што паміж дзвюма-трыма арэнамі няма чэкпойнта. Але я праходзіў на высокай складанасці, і больш за 4–5 разоў бітвы не перапраходзіў. Бяёўка тут простая, але да канца абрастае новымі прыёмамі. І я сапраўды раю праходзіць на высокай складанасці — так баёўка раскрываецца на поўную.
Асобна хачу адзначыць некалькі частак, якія будуць працякаць у гэткіх хаб-лакацыях, дзе баі адыходзяць на другі план, а можна агледзецца, пагутарыць з мясцовымі і выканаць некалькі пабочных заданняў. Як на мяне, яны вельмі дарэчныя: не патрабуюць шмат, але даюць прыемныя бонусы і дапамагаюць глыбей акунуцца ў свет. Часцей за ўсё гэта простыя даручэнні «схадзі-туды-прынясі-вось», але яны добра працуюць на атмасферу і рытм.
Візуальная частка — рэтрафутурызм у піксель-арце. Відавочна, што гульню рабілі мастакі: арт, святло, кінематаграфічная камера, дэталізаваныя фоны — усё на вышэйшым узроўні. Вока радуецца.
Адзінае, чаго мне не хапіла — самога Фенікс-Сіці: неонаў, крамаў, гарадскіх пейзажаў. Часцей мы ў пячорах, каналізацыях, офісах і лабараторыях. Але і яны зроблены вельмі якасна.
Саундтрэк — аутэнтычны, дапамагае пагрузіцца ў свет. Асобныя кампазіцыі з вакалам Марыны Торык — проста асалода. Дадаў у плэйліст.
Вынік: як для дэбюту невялікай каманды — атрымалася выдатна. Дынамічная, кінематаграфічная гісторыя. Візуал — цуд. Гук — на ўзроўні. Геймплэй мае шурпатасці, але дае роўна столькі, колькі трэба. Астатняе можна дапаліраваць патчамі — што ўжо і робіцца.